Калі сяброўка прапанавала абыйсці возера Свіцязь, я падумала, што як жа гэта можна зрабіць? Проста ўзяць і абыйсці? Аказалася, што вельмі лёгка)) І вось адправіліся ў падарожжа дзве Тані, Оля і адзін сабака )) Атрымаўся ну вельмі запамінальны дзень! Ідзеш вакол возера, сустракаеш безліч усяго прыгожага, таямнічага, сакральнага, сімвалічнага. Такой колькасці велізарных дубоў я не бачыла ніколі! Чысцюткая вада, чысцюткае паветра, ярчэзны зялёны мох на дубах і соснах, які пераўтварае дрэвы ў веліканскія лапы. Узгорак, які вельмі нагадвае курган, зноў дубы ды сосны, не падобныя на сосны з іншых месцаў, а нейкія вельмі жывыя мабыць. Кожныя 100 метраў настолькі змяняецца наваколле, што проста ніяк не можа легчы ў галаву! А напрыканцы, калі мы прыйшлі на месца, з якога пачалі нашую вандроўку, зрабілі самую галоўную выснову: мы ўсе адно, і ўсё на Свеце адно ) Мы перапляліся паміж сабою быццам тыя карэнні ў лесе і ўпляліся ў нейкія глабальныя працэсы, быццам тыя ж карэнні, каторыя вельмі глыбока прасунуліся ва ўсё бакі ў глебе. Вось так )